ПІ́НСКІ ЛЕ́ШЧАНСКІ МАНАСТЫ́Р Нараджэння Багародзіцы. Існаваў у 13 ст. — 1839 у прыгарадзе г. Пінск Лешча. Упершыню згадваецца ў летапісах у сувязі з уцёкамі сюды кн. Войшалка пасля забойства яго бацькі Міндоўга. У 14 ст. пінскі кн. Юрый Нарымунтавіч даў манастыру востраў паміж рэкамі Піна, Струмень і Орліца. Манастыр быў рэліг. і культ. цэнтрам Палесся, у ім жылі епіскапы Пінскай праваслаўнай епархіі, якія лічыліся архімандрытамі манастыра; тут, верагодна, вялося летапісанне, перапісваліся кнігі. У манастыры знаходзіўся цудатворны абраз Успення Багародзіцы (верагодна, перанесены сюды ў 15 ст. з Турава). У 1580—84 замест царквы Нараджэння Багародзіцы пабудаваны новы драўляны храм Успення Багародзіцы. У 1668 манастыр стаў уніяцкім. Новы драўляны крыжова-купальны храм пабудаваны ў 1746 (у і.м лічылася цудатворнай разьбяная фігура Ісуса Хрыста). У 1839 манастыр скасаваны, царква згарэла ў канцы 19 ст.

А.​А.​Ярашэвіч.

Пінскі Лешчанскі манастыр. З малюнка Н.​Орды. 19 ст.

т. 12, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)